МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ШКЛО,

шкляныя вырабы 16—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі. У 16—18 ст. М.ш. фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18—19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы. Некат. вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вял. стужкамі, тулавы размалёўвалі геам.-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18—19 ст. — прамавугольных шыбак.

Літ.:

Яніцкая М.М. Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.

А.Б.Сташкевіч, А.А.Трусаў, М.М.Яніцкая.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)